Асновай для стварэння беларускай нацыянальнай школы з'яўляецца этнапсіхалогія і этнакультура. Наша нацыянальнае адраджэнне немагчыма без усведамлення таго, хто мы такія, дзе нашы карані, чым мы можам ганарыцца і ад чаго нам трэба пазбавіцца.
Музей быў заснаваны з мэтай адраджэння народных традыцый, культуры і самабытнасці беларусаў, папулярызацыі народных промыслаў і прапаганды нацыянальных здабыткаў. Каб любіць сваю родную старонку, патрэбна заўсёды памятаць, што мы - беларусы, што жывем на зямлі беларускай, якая корміць і апранае нас, суцяшае і аберагае ў час нягод. Таму з'явілася патрэба стварыць этнаграфічны музей.
Кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына” – Казачук Вольга Мікалаеўна. Савет музея – дырэктар ДУА “Гімназія №2 г.Пінска” Якімчук Аляксей Уладзіміравіч, настаўнікі беларускай мовы Власавец А.М., Куратнік Н.І., Саўчук В.В., настаўнік працоўнага навучання Дзікавіцкая В.І., настаўнікі пачатковых класаў Кандрацюк А.В. і Бандарук С.І., вучні старэйшых класаў, бацькі вучняў.
Памяшканне музея ўяўляе сабой класны кабінет плошчай 63,7 м2.
Пры ўваходзе злева размешчаны вырабы з дрэва. Далей, уздоўж гэтай сцяны, знаходзяцца вырабы пляцення, на палічках – гліняны посуд. У кутку знаходзіцца інтэр’ер беларускай хаты. Ён уяўляе сабой пакой 6 м2, у якім ёсць палаці, якія прыбраны вышытымі падушкамі і пакрывалам, на сцяне палог, збоку намалявана печ, над якой вісяць палічкі з посудам і лекавымі зёлкамі, пад столяю - лямпа і калыска для дзіцяці, на падлозе – палавік. На наступнай сцяне – вышыўкі, куточак “Бажніцы” з іконамі. Справа ад увахода размешчаны аддзел ільну, насупраць уваходу, уздоўж акон, знаходзяцца вітрыны з прыладамі для апрацоўкі ільну, воўны, ткацкі станок. Далей вітрыны з кнігамі, матэрыяламі, звязанымі з гісторыяй Беларусі, грашовымі знакамі. Асобна адведзены вітрыны кавальскім вырабам, рэлігіязнаўству.
Пошукавая работа вядзецца па наступных напрамках:
- збор экспазіцыйных матэрыялаў, іх вывучэнне і апісанне;
- вывучэнне народных прыкмет Палесся, абрадаў, звычаяў, традыцый палешукоў;
- распрацоўка музычна-харэаграфічных кампазіцый, абрадаў і свят;
- падрыхтоўка дакладаў, рэфератаў, афармленне тэматычных альбомаў.
Вялікае выхаваўчае і пазнавальнае значэнне для гімназістаў мае ўключэнне іх у дадатковы збор матэрыялаў для школьнага музея. Фондавая работа штогод папаўняецца экспанатамі. Экспанаты набывалі на тэрыторыі ўсёй Брэсцкай вобласці (в. Глыбокі Кут Пружанскага раёна, в. Парэчча, Дубнавічы, Крывічы і Сошна Пінскага раёна, в. Моталь, в. Гарбаха Іванаўскага раёна і іншыя). Члены савета музея працуюць у архіве горада, Музея Беларускага Палесся, а таксама над вывучэннем тэрміналогіі і інш.
На сённяшні дзень у музеі сабрана звыш 700 экспанатаў. Усе яны аформлены ў "Кнігу ўліку экспанатаў музея", дзе ўказваецца месца, час, тэхналогія вырабу і аўтар.
Усе экспанаты музея размеркаваны па 9 аддзелах:
1. Вырабы з драўніны (прадметы побыту, вырабленыя з дрэва: начоўкі, бодні, каўшы, куфры і інш.);
2. Ганчарны посуд (гліняныя гаршкі, збаны, макітры, глякі, слоікі і інш.);
3. Пляценне (з лазы, саломы, чароту: карзіны, сявенькі, кашы, шыяны, корабы і інш.);
4. Ткацтва (кросны, прылады працы для вырабу посцілак, дываноў, абрусаў і інш.);
5. Вышыўка ( тэхнікі: гладзь, насціл, крыжык) і вязанне (кручком, спіцамі і інш.);
6. Апрацоўка льну. Ільняныя вырабы (ручнікі, абрусы, адзенне, сурвэткі, адзенне і інш., строй беларускай жанчыны)
7. Інтэр’ер сялянскай хаты;
8. Вырабы з жалеза (прасы, сячкарня, нажніцы і інш.);
9. Бажніца (іконы, кнігі і інш.).
Найбольш цікавыя экспанаты:
- абрусы, вытканыя на кроснах у 30-я гады ХХ стагоддзя;
- падстрэкач;
- вярэнька;
- лямпа 60-ыя гады ХІХ стагоддзя;
- спадніца ільняная, вытканая ў 20-я гады ХХ стагоддзя ў вёсцы Моталь;
- калекцыя прасаў;
- ткацкі станок;
- дзіцячая калыска (люлька);
- дзіцячая стойка і іншыя.
Час ад часу экспазіцыі аднаўляюцца:
- уводзяцца новыя экспазіцыйныя комплексы;
- старыя экспанаты замяняюцца новымі;
- праводзяцца выставы новых паступленняў і паказ вынікаў пошуковай работы;
- уводзяцца элементы адкрытага экспаніравання.
Работа музея стымулюе выхаваўчае ўздзеянне педагагічнай традыцыі на школьнікаў, якая грунтуецца на аснове народнай педагогікі. Яе асноўнымі сродкамі з’яўляюцца:
- праца (фізічная, разумовая, этычная і эстэтычная) як крытэрый маральнай ацэнкі асобы, якая выхоўвае глыбокае пачуццё патрыятызму;
- народная гульня як адзін з найгалоўнейшых паказчыкаў народнай маралі;
- святы (каляндарна-аграрныя, сямейныя, рэлігійныя) як адлюстраванне своеасаблівага побыту і культуры беларускага народа.
Матэрыял падаецца правядзеннем экскурсій, а для ўзмацнення выхаваўчага значэння на базе музея праводзяцца:
– сустрэчы з майстрамі народных промыслаў, настаўнікамі навучальных устаноў горада і гасцямі з замежжа;
– урокі-экскурсіі;
– выкарыстанне музейных прадметаў у якасці навучальных дапаможнікаў на ўроках;
– лекцыі з выкарыстаннем музейных прадметаў;
– самастойная падрыхтоўка паведамленняў вучнямі для ўрокаў на зададзеную настаўнікам тэму;
– фальклорна-абрадавыя святы;
– праца на базе музея факультатыўных заняткаў, гурткоў, напісанне навуковых работ і ўдел ў канферэнцыях;
– урокі малявання, гісторыі Беларусі, беларускай мовы і літаратуры, айчыннай і сусветнай мастацкай культуры, беларусазнаўства і інш.
Традыцыйным стала правядзенне на базе музея фальклорных свят “Масленіца”, “Дажынкі”, “Калядкі”, “Камаедзіца”, “Вячоркі”, у якіх прымае ўдзел кожны класны калектыў гімназіі. Часта такія святы спалучаюцца з дабрачыннымі кірмашамі.
Вучні-экскурсаводы музея неаднаразова прымалі ўдзел у краязнаўчых фестывалях і займалі прызавыя месцы (прадстаўлялі народную песню, народную гульню і экспанаты музея).
У гарадскім аглядзе школьных музеяў у 2002-2003 навучальным годзе музей этнаграфічнай спадчыны гімназіі заняў I месца.
У 2009 годзе гурт “Спадчына” за лепшы калядны абрад у конкурснай праграме калядных гуртоў школ і гімназій горада Пінска на гарадскім свяце “Калядны фэст-2009” быў адзначаны Дыпломам І ступені і каштоўным падарункам.
2010 год (Хойнікі) – Дыплом “Гран-пры” за найлепшы часопіс “Ластаўка”, прадстаўлены на Гомельскім абласным адкрытым фестывалі газет і часопісаў устаноў адукацыі, прысвечаным Дню беларускага пісьменства.
12-14 кастрычніка 2012 год (Гродна. Першы нацыянальны форум “Музеі Беларусі”) – Дыплом Лаўрэта конкурса “Музеі Беларусі – трэцяму тысячагоддзю” ў намінацыі “Лепшы музей па арганізацыі культурна-адукацыйнай дзейнасці ў справе патрыятычнага выхавання моладзі”.
2012 год – (Мінск. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь) – Дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Мультымедыйны праект” (пашуковая група вучняў 10-х класаў, члены савета музея).
2012 год – Дыплом ІІІ ступені, даследчая работа “Лялька з бабулінага куфра” (VI гарадская канферэнцыя вучняў “Першыя крокі ў навуку” Лукашэвіч Г., Шабуніа В.)
06.10.2013 год (Мінск. Рэктарат ДУА “Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла” БДУ) – Граматы за ўдзел у конкурсе малюнкаў, накіраваным на духоўнае, эстэтычнае і патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі (Сагановіч Вера, Сагановіч Варвара – 1-е месца, Казачук В.М. – кіраўнік музея).
2013 год – Дыплом І ступені, 44 абласная выстава ДПМ “Вясёлкавы калейдаскоп” (Кардаш Н.)
2013 год – праблемны семінар па духоўнаму выхаванню вучняў на аснове праваслаўных традыцый. Майстар-клас “Праваслаўныя святы. Сувеніры да Вялікадня”
26.09. 2014 год – Падзяка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага абласнога аблвыканкама – Казачук В.М., кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына”, за актыўную работу па зборы этнаграфічных матэрыялаў для арганізацыі музейнай выставы на тэрыторыі вострава Пагранічны Брэсцкай крэпасці.
2014 год – Дыплом “Жанчына года” (Казачук В.М., кіраўнік этнаграфічнага музея “Спадчына”) у намінацыі “За захаванне і развіццё народных традыцый”.
2014 год – Дыплом І ступені, рэспубліканскі конкурс малюнка “Адпачынак у вёсцы” (Пахальчак Д.)
2014 год – Дыплом І ступені, даследчая работа “Кукла из бабушкного сундука” (Шастаковіч А.)
2015 год – абласны семінар намеснікаў загадчыкаў аддзелаў адукацыі, выстава і экскурсія “З Днём нараджэння, лялька!”
2016 год – Дыплом ІІІ ступені, абласны конкурс даследчых работ “Кукла из бабушкиного сундука” (Шастаковіч А.).
2016 год – гарадскі семінар па духоўнаму выхаванню на аснове праваслаўных традыцый
2017 год – Диплом за победу в областном музейно-образовательном проекте "Виртуальный музей учреждения образования"
2018 год – дыплом І ступені ў гарадскім этапе рэспубліканскага конкурсу юных экскурсаводаў “З чаго пачынаецца Радзіма…” (Пахальчак Д., Лінкевіч А., Казачук В.М.)
2018 год – дыплом І ступені ў намінацыі “Матэрыяльная культура”, гарадскі этап конкурсу даследчых работ “Спадчына Беларусі” рэспубліканскай акцыі моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” (Слесарчук В., Дзікавіцкая В.І.)
2019 год – дыплом І ступені ў абласным конкурсе “Усё сэрцу міла на малой радзіме” (Мацукевіч С.І., Свірыдэнка А.А., Казачук В.М.)
2019 год – дыпом ІІ ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурса “Зямля пад белымі крыламі” у рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Бееларусі і тым ганаруся” у намінацыі “Тэхна рух” (Яснюк Я., Саўчук В.В.)
2019 год – панарама вопыту (г.Брэст) “Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне ў сучаснай установе адукацыі: вопыт, традыцыі, ідэі ” пераможцаў навукова-метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту “Усё сэрцу міла на малой радзіме” (у рамках года малой радзімы) (Мацукевіч С.І., Свірыдэнка А.А., Казачук В.М.)
2019 год – удзел у ІV рэгіянальным этапе Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый, стэндавыя прэзентацыі праектаў
2019 год – дыпломы І ступені ў гарадскім і абласным этапах Рэспубліканскай акцыі «Любім Беларусь, ганарымся Беларуссю, вандруем па Беларусі» ў намінацыі міні-інсталяцый «Мая Радзіма ў адным імгненні» (міні-інсталяцыя “Вэльмы розумна торба Пынчука” Пахальчак Д., Лінкевіч А, Казачук В.М.)
2020 год – прафарыентацыйнае мерапрыемства УА “БДПУ імя М. Танка” ў рамках 55-га Зорнага паходу і ў рамках урачыстых мерапрыемстваў «Пінск – Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь 2020»
Музей ажыццяўляе сувязь з Музеем Беларускага Палесся, ГА“БРСМ” і ГА“БРПА”, з школамі і гімназіямі г. Пінска, іншымі школьнымі музеямі горада.
Музей дапамагае наведвальнікам больш дасканала пазнаёміцца з жыццёвым укладам нашых прашчураў, якія ўмелі ўпрыгожваць свой быт, весяліцца, адпачываць, нараджалі дзяцей, прыдумвалі і спявалі песні, калыханкі, расказвалі казкі. Так з калыскі пачыналася родная мова, а далей мастацкая літаратура і культура. І мы не маем права не зберагчы гэта, не адрадзіць нашу спадчыну – гэты каштоўнейшы скарб, каб ведаць, хто мы такія.
М.С.Кацар, доктар мастацтвазнаўства, пісаў: “Людзі, якія даследуюць і вывучаюць этнаграфічную спадчыну, складаюць своеасаблівы гімн адвечнаму імкненню нашых продкаў да прыгожага, няўтольнай празе праз тканы і вышыты ўзор выказаць сваё разуменне жыцця, свету, космасу, хваласпеў умелым рукам, светлай, добрай, паэтычнай душы нашай сялянкі”.